Лясная прыгажуня завітае і ў ваш дом

Вернуться назад
72 Просмотров

Пах хваінак і мандарынаў нагадвае аб тым, што вельмі хутка наступіць самае чаканае і любімае свята ў дзяцей і дарослыхНовы год.

А якое ж свята без прыгожа ўбранай ёлачкі? Многія аддаюць перавагу штучным дрэўцам, але  цяжка не ацаніць той настрой і атмасферу свята, якія стварае натуральнае.

– Штогод у райцэнтры арганізуецца продаж елак, сосенак і навагодніх букетаў, – распавядае намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ДЛГУ “Бялыніцкі лясгас” Юлія КУДРАВЕЦ. – У мінулым годзе нашы лясніцтвы прадалі больш за 2600 навагодніх дрэў. Традыцыйна ў Бялынічах лясную прыгажуню можна купіць каля ўніверсама “Ластаўка” і на рынку райста. Некалькі кропак продажу працуюць у Магілёве.

Як паведаміла інжынер па лесааднаўленні і меліярацыі лясгаса Ганна БУДКЕВІЧ, для патрэб пакупнікоў пасаджаны 4 плантацыі навагодніх дрэў. Адна знаходзіцца на тэрыторыі лесагадавальніка, дзве – у Круглянскім лясніцтве і яшчэ адну заклалі сёлетняй вясной у Асавецкім лясніцтве падчас рэспубліканскай экалагічнай акцыі “Тыдзень лесу”.

Некаторыя экаактывісты могуць узняць пытанне: а ці не прычыніць шкоду навакольнаму асяроддзю высяканне навагодніх дрэў у жывой прыродзе? Не заўсёды ж для пасадкі лясных прыгажунь на продаж выдзяляюцца спецыяльныя плантацыі.

– Працаўнікі лясгаса выяўляюць прыгожыя дрэўцы з ліку падлеску на лесасеках, вырубках галоўнага карыстання і па доглядзе за лясным фондам, – патлумачыла Ганна Будкевіч. – Там яны ўсё роўна высякаюцца. У адваротным жа выпадку для лясніцтваў ёсць магчымасць зарабіць, а ў насельніцтва – атрымліваць асалоду ад свята.

Некалькі гадоў запар у лясгасе прапануюць купіць свежыя ялінкі ў кадках, як альтэрнатыву высечаным елачкам. Каштуюць яны крыху даражэй, але дрэўца застанецца жывым. Яго можна перасадзіць, альбо выкарыстаць для ўпрыгожання ў наступным годзе. Спецыялісты лясгаса раяць: для таго, каб дрэўца ў кадцы не загінула, не выносьце яго адразу на холад. Пасля таго, як святы скончацца, лепш патрымаць яго некалькі дзён на балконе ці ў калідоры і зрэдку паліваць. Вясной ялінку можна перасадзіць у зямлю, альбо пакінуць расці ў кадцы на наступны год. Галоўнае, не пераліваць вадой, але і не перасушваць зямлю.

 Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

          

бронировать дом охотника онлайн