Прыгажуня, спартсменка…І проста дзяўчына, якая закахалася ў лес

Вернуться назад
113 Просмотров

Усе гэтыя эпітэты можна сказаць пра маладога спецыяліста ДЛГУ “Бялыніцкі лясгас”, начальнікалесагадавальніка на базе Цяхцінскага вопытнага лясніцтва Вольгу ЗАРАНКОВУ.

У лясгас яна прыйшла пасля заканчэння БДТУ па мэтавым накіраванні і ўжо два гады з пяці тут адпрацавала. Спачатку была памочнікам ляснічага  Эсьмонскага лясніцтва, а праз некаторы час узначаліла  калектыў лесагадавальніка. І хоць гэта справа не з лёгкіх: агульная плошча яго складае больш за 25 га, занятак маладой дзяўчыне падабаецца. Дый будучую прафесію доўга шукаць не давялося, яе бацька Юрый ААВЕКУКК працуе ляснічым Круглянскага лясніцтва. А як вядома, у большасці працаўнікоў лясной галіны іх прафесія перадаецца ў спадчыну.

– Першы свой працоўны вопыт набывала менавіта ў Круглянскім лясніцтве пад кіраўніцтвам ляснічага Андрэя ХРАМЦОВА, – распавядае Вольга. – Гэтыя веды вельмі спатрэбіліся ў далейшым. І зараз не саромеюся параіцца з вопытнымі калегамі.

Малады спецыяліст адзначыла, што ў калектыве сустрэлі яе прыязна, вельмі ўразілі шчырыя сяброўскія адносіны паміж працаўнікамі. І гэта дапамагло хутка адаптавацца, уліцца ў працоўнае і грамадскае жыццё.

Адно з захапленняў Вольгі – зімовыя віды спорту. Два гады запар яна ўдзельнічае ў лыжных гонках, якія арганізуюцца сярод працаўнікоў лясной галіны. У мінулым годзе яна заняла другое месца на абласных спаборніцтвах і стала першай у рэспубліцы. Сёлета здабыла перамогу сярод работнікаў лясгаса і зноў заняла другую прыступку п’едэстала гонару ў вобласці. А 15 лютага Вольга Заранкова на  рэспубліканскім этапе лыжных гонак заняла 2-е месца.

Апроч таго, дзяўчына –  заядлы фотааматар! Асаблівасць яе працы ў тым, што круглы год яна знаходзіцца на ўлонні прыроды, дзе вочы самі бачаць цікавыя кадры. Застаецца толькі націскаць кнопку фотаапарата. Сваімі фота Вольга падзялілася і з рэдакцыяй нашай газеты – прыняла ўдзел у конкурсе фотаздымкаў “Мая радзіма”.

– Нарадзілася я ў Цяцерыне, але тэрытарыяльных межаў для мяне ніколі не існавала. З ранняга дзяцінства захаплялася непаўторнасцю родных мясцін. Лес, напрыклад, бывае розны, але паўсюль аднолькава прыгожы. Той, хто адчуе гэту прыгажосць, ніколі ў ёй не расчаруецца, – дадае Вольга Заранкова.

Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

бронировать дом охотника онлайн