Рэспубліканскі семінар на базе Бялыніцкага лясгаса

Вернуться назад
67 Просмотров

Рэспубліканскі семінар на тэму “Арганізацыя кантролю якасці лесапрадукцыі, якая вырабляецца ў лясгасах краіны, і захаванне правілаў ТНПА і кантрактаў” прайшоў на базе Бялыніцкага лясгаса.
Тэматыка мерапрыемства невыпадковая. Ужо сёлета на прыгранічных пунктах Беларусі зафіксаваны факты спробаў перавозкі кантрабанднай прадукцыі.
Удзел у рабоце семінару прынялі намеснік міністра лясной гаспадаркі Беларусі Леанід Дзям’янік, дырэктар УП “Беллесэкспарт” Мікалай Малышаў, генеральны дырэктар Магілёўскага ДВЛГА Уладзімір Раеўскі, галоўныя інжынеры вытворчых лесагаспадарчых аб’яднанняў, дырэктары і інжынеры лясгасаў краіны.
У практычнай частцы семінару дэлегацыя наведала дрэваапрацоўчы цэх у в. Восліўка, дзе былі абмеркаваны пытанні стану работы лесапільнага абсталявання і кантролю за якасцю сыравіны і гатовай прадукцыі.
Дарэчы, на сёння ў цэху наладжана работа 4-х лесапільных ліній: па перапрацоўцы дробнатаварнай і буйной таварнай драўніны, лесапілавальная рама Р-63 і акорачная лінія. Апрацоўка драўніны на пералічаным абсталяванні значна прыбаўляе сабекошт гатовай прадукцыі. 70 % вырабленых тут піламатэрыялаў адпраўляецца на экспарт.
Дырэктар лясгаса Юрый Заблоцкі распавёў прысутным і аб захаванні патрабаванняў ТНПА пры нарыхтоўцы драўніны .
Была адзначана наладжаная сістэмная праца, якая дазваляе прадпрыемству пазбягаць скаргаў пакупнікоў, рэкламацый і парушэння заканадаўства ў частцы адгрузкі прадукцыі.
Наступнымі пунктамі, якія наведалі прадстаўнікі лесагаспадарчых устаноў, сталі высечкі прамежнага выкарыстання паблізу в. Палігон і а/г Свяцілавічы. Тут былі абмеркаваны пытанні парадку нарыхтоўкі драўніны механізаваным спосабам і прааналізавана вядзенне ўліку гатовай прадукцыі.
Дарэчы, адзін аператар лесанарыхтовачнага камбайна “Харвэстар” за змену нарыхтоўвае 150-200 кубаметраў  драўніны, за месяц – звыш 4 тысяч кубоў пры заданні – 3 тысячы. Намеснік міністра лясной гаспадаркі  Леанід Дзям’янік звярнуў увагу на тое, што Бялыніцкі лясгас з’яўляецца адной з 4 устаноў Магілёўшчыны (усяго 13), дзе нязменна выконваюцца планы па нарыхтоўцы піламатэрыялаў.
Наведалі семінарысты і пагрузачна-разгрузачны пункт, што дзейнічае на мяжы нашага і Клічаўскага раёнаў.
- Станцыя з’яўляецца узорам для пераймання вопыту па дадзеных відах работ усім лясгасам краіны, заўважыў Леанід Дзям’янік. Кіраўніцтва лесагаспадарчых устаноў павінна імкнуцца для стварэння як па знешнім выглядзе, так і па функцыях, менавіта такіх пляцовак.
На пленарным пасяджэнні, якое прайшло ў малай зале РЦК, былі агучаны галоўныя праблемы лясной галіны па арганізацыі кантролю за якасцю гатовай прадукцыі, а таксама выказаны прапановы па яе паляпшэнні.
Вольга НАБОКАВА, «Зара над Друццю»

бронировать дом охотника онлайн