Веды і ўпэўненасць, якія прыносяць плён

Вернуться назад
81 Просмотров

Лясы, палі, дрэвы… Усё гэта – родны, знаёмы, блізкі сэрцу пейзаж для маладога ляснічага Цяхцінскага доследна-вытворчага лясніцтва ДЛГУ “Бялыніцкі лясгас” Сяргея РАДЗІЁНАВА.


Калі карэспандэнт раёнкі запыталася ў маладога ляснічага, чаму ён абраў для сябе такую прафесію, той адказаў:

– Нават не задумваўся аб іншых. З дзяцінства ведаў, што звяжу сваё жыццё з лесам.

У вачах яго бачна ўпэўненасць, якой можна пазайздросціць, бо чалавек ведае, што знаходзіцца на сваім месцы.

Сяргей родам з Гомельшчыны, у мінулым годзе  скончыў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны па спецыяльнасці лясная гаспадарка, і вось ужо з красавіка працуе па размеркаванні ў Цяхціне. Спачатку быў майстрам лесу, а з лістапада займае пасаду ляснічага. Кажа, што справа гэта яму па душы: адчувае сябе ў лесе, як рыба ў вадзе. Акрамя таго, тут яго вельмі цёпла і добра сустрэлі:

– Калі толькі ўладкаваўся на працу, ляснічым быў Леанід НІКАНОВІЧ. Ён сапраўдны майстар сваёй справы, вучыў мяне ўсяму, што сам ведаў, распавядаў пра дробязі і сакрэты прафесіі. За гэта вельмі яму ўдзячны, – кажа Сяргей.

Малады чалавек не расстаўся і з універсітэтам: працягвае навучанне ў магістратуры завочна. Тэма, якая зацікавіла яго яшчэ з першага курса вучобы і з цягам часу перарасла ў дыпломны праект, – гэта мікалогія і вырошчванне грыбоў. Тэма магістарскай дысертацыі таксама звязана з грыбамі.

– Запісаўся ў гурток мікалогіі пры ўніверсітэце, – успамінае Сяргей Радзіёнаў. – Мы займаліся вырошчваннем рэдкіх для нашай краіны грыбоў – шыітаке, герыцыя шыпаватага. Вынікі нашых даследаванняў абавязкова ўвасобяцца ў практычную дзейнасць, бо клімат краіны падыходзіць для вырошчвання гэтых грыбоў. Проста раней ніхто гэтым не займаўся. Напрыклад, герыцый ужываецца не толькі ў якасці лекаў, але і ў кулінарыі – ён па смаку нагадвае краба або амара. Зараз яго можна знайсці ў меню рэстаранаў для гурманаў. Наогул, працэс вырошчвання і даследавання грыбоў для мяне вельмі захапляльны.

Для маладога спецыяліста адчынены ўсе дзверы ў яго прафесійнай галіне: напрыклад, два месяцы ён правёў у Светлагорску. Туды лясгас арганізаваў камандзіроўку для вывучэння вопыту па барацьбе з высыханнем лясных насаджэнняў з-за пашкоджання іх караедам.

– Падчас паездкі на Гомельшчыну пазнаёміўся з многімі цікавымі людзьмі, набраўся вопыту ад калег, – адзначае Сяргей.

Гэты багаж ведаў потым абавязкова прынясе плён і дапаможа маладому спецыялісту годна прайсці ўсе жыццёвыя і прафесійныя шляхі.

Алена БЫКАВА.

Фота аўтара.

бронировать дом охотника онлайн