Заключны этап рэспубліканскай добраахвотнай акцыі “Тыдзень лесу”

Вернуться назад
133 Просмотров

Акурат на мінулую суботу прыпаў заключны этап рэспубліканскай добраахвотнай акцыі “Тыдзень лесу”. Да слова сказаць, сёлета яна прайшла ў дзясяты раз і прысвячалася ліквідацыі наступстваў разгулу прыроднай стыхіі, што адбылася ў ліпені мінулага года. Наш раён ураган абмінуў, не нарабіўшы вялікай шкоды, але праца добраахвотным лесапасадчыкам знайшлася. Па словах галоўнага ляснічага лясгаса Сяргея ЦЯГЛІКА, сёлета запланавана пасадзіць лес на 390-гектарнай плошчы, у тым ліку і на 150 ветравальных гектарах. Бялыніцкія лесаводы таксама аказваюць дапамогу калегам з Чэрвеньскага лясгаса. Цягам мінулага пасляўраганнага перыяду там яны расчышчалі бураломныя масівы, нарыхтоўвалі драўніну. А зараз на 28 ачышчаных гектарах высадзяць сеянцы лясных культур.
Рэспубліканская акцыя “Тыдзень лесу” прайшла ва ўсіх лясніцтвах лясгаса, актыўны ўдзел у ёй прынялі не толькі работнікі лесагаспадарчай галіны, але і неабыякавыя да роднай прыроды працоўныя калектывы і асобныя людзі. Напрыклад, свой уклад у аднаўленне лесу ўнеслі супрацоўнікі РАНС, некаторыя прадпрымальнікі, многія школьнікі і педагогі і  іншыя.
– Наш лес, прыродныя багацці, – адзначыў першы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Алег ЧЫКІДА, які прыняў удзел у рэспубліканскай акцыі “Тыдзень лесу”, што праходзіла на тэрыторыі Свяцілавіцкага ляс-ніцтва каля вёскі Няропля (квартал 32, выдзел 56), – гэта агульнанацыянальны здабытак, які неабходна памнажаць.
Разам з ім папрацаваць сюды прыехалі з Магілёва кіраўнікі і спецыялісты аблсельгасхарчу, Магілёўскага ДВЛГА на чале з генеральным дырэктарам Уладзімірам  РАЕЎСКІМ, шэрагу абласных структур сельскагаспадарчай галіны, а таксама работнікі Свяцілавіцкага лясніцтва і лясгаса. Далучыўся да яе і старшыня райвыканкама Мікалай КАДАЦЕНКА.
На перададзеным лясгасу ўчастку зямлі плошчай у 2,7 гектара ўдзельнікі акцыі высадзілі сеянцы сасны. На ім яны таксама заклалі з саджанцаў бярозы мемарыяльную пасадку ў выглядзе вялікай лічбы 10, акаймаваную сасновымі насаджэннямі. Як патлумачыў журналісту У. Раеўскі, гэта пасадка прысвячаецца дзесяцігадоваму юбілею правядзення ў Беларусі штогадовай добраахвотнай акцыі “Тыдзень лесу”, і гэта бярозавая дзясятка будзе бачна з аўтатрасы М4 і з вышыні птушынага палёту.
– Едучы ў Мінск з дзецьмі, – сказаў адзін з удзельнікаў акцыі свайму напарніку, – буду заўсёды гаварыць ім, што гэты лес садзіў і я. Ёсць падстава для асабістага гонару!
Такім чынам, усё тое, што было зроблена добраахвотна і за сёлетні перыяд правядзення рэспубліканскай юбілейнай акцыі “Тыдзень лесу”, будзе заўважана і праз стагоддзе.
Пачынаючы з першага дня правядзення месячніка чысціні, выкананы значны аб’ём работ па навядзенні парадку, добраўпарадкаванні паселішчаў, дызайнерскім і эстэтычным афармленні вуліц, будынкаў, іх тэрыторый, месц агульнага выкарыстання. Але прыбрана яшчэ далёка не ўсё. Як не завяршыўся яшчэ і сам месячнік. А практыка правядзення агульнараённых суботнікаў чысціні і добраўпарадкавання, агульных санітарных дзён (чацвер) будзе прадоўжана.
Чысціня – гэта такая рэч, якую пастаянна трэба падтрымліваць. Тады заўсёды ўтульна, камфортна будзе і самому, і тваім гас­цям.
­Міхась КАРПЕЧАНКА.

бронировать дом охотника онлайн